Аб гiмназii Настаўнiцкая Навучэнцам Законным прадстаўнікам навучэнцаў Сервiсы Адно акно Кантактная інфармацыя Шосты_школьны_дзень Рэсурсны цэнтр

Меню раздзела

Навiны гiмназii

16.12.2017
Паспяховы удзел у гарадскім фестывалі даследчых работ “Пазнанне і творчасць”

падрабязней...


12.12.2017
Выступленне вакальнай студыі "Сцежачка" на ІІ з'езде вучоных Рэспублікі Беларусь

падрабязней...


08.12.2017
Правядзенне бацькоўскіх сходаў

падрабязней...


06.12.2017
Паспяховы ўдзел у конкурсе "У цудоўным свеце казкі"

падрабязней...


04.12.2017
Вынікі ўдзелу ў ІІ этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах

падрабязней...


02.12.2017
Выяздны прыём грамадзян па асабістых пытаннях

падрабязней...


Галоўная старонка : Аб гiмназii

95-годдзю прысвячаецца

Гісторыя дзяржаўнай установы адукацыі
“Гімназія з беларускай мовай навучання № 23 г. Мінска”

У канцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў у Мінску на вуліцы Няміга-Ракаўскай, 9 працавала Талмуд-Тара (яўрэйская школа). Зараз гэта вуліца не існуе, а праходзіла яна прыблізна ад сучасных скрыжавання вуліц Няміга і Рэспубліканскай да вуліцы Адоеўскага.У 1917 годзе Талмуд-Тара атрымала найменне “46 ніжэйшае пачатковае вучылішча”, а ў 1919 годзе – “46 Савецкая працоўная яўрэйская школа І-й ступені”. На 24 чэрвеня 1919 года ў школе займалася 360 навучэнцаў у 9 класах. Настаўніцкі калектыў складаўся з 10 чалавек. Загадчыкам школы быў Шнейдар Барыс Аляксандравіч, 1857 года нараджэння.

У маі-ліпені 1922 года 46 сямігадовая працоўная яўрэйская школа знаходзілася на Паліцэйскай вуліцы, д.13. Загадчыкам школы быў Рубін Пейсах. На 26 чэрвеня 1922 года ў школе было 3 групы, 117 навучэнцаў, 4 настаўнікі.

Загадам па Мінгарвыканкаму ад 6 верасня 1922 года 46-я сямігадовая працоўная яўрэйская школа з 1 верасня 1922 года перайменаваная ў 23 яўрэйскую школу. Знаходзілася яна на вуліцы Чырвонаармейскай, 11 і падпарадкоўвалася яўрэйскай секцыі ў распараджэнні гарадскога аддзела адукацыі. У школе вучыліся 135 вучняў: 67 хлопчыкаў і 68 дзяўчынак. Усе дзеці гэтай школы былі выхаванцамі дзіцячых дамоў.
Школа размяшчалася ў муніцыпальным будынку мясцовай камунальнай гаспадаркі. Будынак быў каменны, са склепам, адхожае месца драўлянае.
Навучанне ў школе вялося на мове ідзіш.
Школа №23 пачала працаваць 15 кастрычніка 1922 года.
Загадчыцай школы была прызначаная Паднос Е.А., 38-гадовая настаўніца рускай мовы, якая сумяшчала кіраванне школай з працай выхавацелем у дзіцячым гарадку.

 Настаўнікі, якія працавалі ў 23 яўрэйскай школе:

Гальдзенберг Б.А., 25 гадоў, настаўнік прыродазнаўства і геаграфіі, у школе з 1 мая 1923 года.

Данцыгер, 27 гадоў, настаўнік гімнастыкі, у школе з 15 кастрычніка 1922 года, інструктар па фізкультуры.

Рубін Янкель, 23 гады, у школе з 15 кастрычніка 1922 года, сумяшчаў з працай у клубе Пераца.

Гіненскі Р.А., 29 гадоў, настаўнік арыфметыкі, у школе з 15 кастрычніка 1922 года, сумяшчаў з працай загадчыкам школы №24.

Кругер, 50 гадоў, настаўнік малявання, у школе з 15 кастрычніка 1922 года.

Чартова Х.І., 26 гадоў, настаўніца рускай мовы і яўрэйскай мовы, кіраўнік 2-га класа, у школе з 1 лютага 1923 года.

 Паводле пратаколу ГАРАНА №9 ад 10 жніўня 1928 года загадчыкам школы №23 прызначаны Рудэльсон Г.М.

 15 верасня 1929 года загадам інспекцыі народнай адукацыі Мінскага гарадскога Савета рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў выкладчыкам ваенізацыі ў школу №23 прызначаны Умберовіч.

 Згодна з даведнікам горада Мінска за 1930 год 23 школа размяшчалася на вуліцы Савецкай, 126.

 З верасня 1930 года таварыствам “Прыхільнік дзяцей” трыццаці навучэнцам 23-й школы выдзяляліся грошы на гарачыя сняданкі.

У №5 часопіса “Камуністычнае выхаванне” за 1931 год на старонках 55-58 быў апублікаваны артыкул Руткоўскай і Кухон з вопыту 23 Мінскай яўрэйскай ФЗС па метаду праектаў “Прымем удзел у правядзенні другой бальшавіцкай сяўбы”.

 У 1931 годзе на шыльдзе школы з’явіўся надпіс “Мінская палітэхнічная фабрычна-заводская сямігадовая школа №23”

Будынак, у якім зараз размяшчаецца гімназія, узведзены ў 1936 годзе.

Школа на вул. Савецкай (сучасны пр-т Незалежнасці), 1940 год.

З 1940 года ў будынку было размешчана вучылішча па падрыхтоўцы ваенных лётчыкаў, курсанты якога ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны бралі ўдзел у абароне Мінска. Многія з іх, прайшоўшы ўсе ваенныя выпрабаванні, у пасляваенныя гады дапамагалі вучням школы стварыць музей Баявой Славы, што існаваў да сярэдзіны 80-х гадоў.

У гады вайны ў будынку школы быў размешчаны шпіталь.
У 1944-1945 гадах будынак школы быў адноўлены сіламі будучых вучняў і іх бацькоў.

Цяжкімі для школы былі пасляваенныя гады. У дакладной запісцы санітарнага інспектара горада Мінска, доктара Ліўшыца, ад 24 ліпеня 1945 года адзначалася, што 23 сярэднія і няпоўныя школы горада Мінска ў большасці сваёй у санітарна-тэхнічным плане не падрыхтаваныя да 1944/1945 навучальнага года. Школы не абаграваліся, не мелі дубэльтаў, адзінарныя шыбы былі часткова забітыя фанерай. Цэнтральнага ацяплення ні ў адной школе не было, галандскія печы пераважна не працавалі. Усталяваныя ў класных памяшканнях жалезныя печы былі не гігіенічнымі, не захоўвалі пастаянную тэмпературу на працяглы час і давалі вельмі нераўнамерны абагрэў. 
Школы не забяспечваліся палівам, таму вучні ў большасці школ у час заняткаў не здымалі верхняе адзенне і мерзлі ў кабінетах.
Дошкі і парты былі зношаныя і не адпавядалі, як правіла, росту школьнікаў.
Належны санітарны стан у класах у 1944/1945 навучальным годзе не падтрымліваўся. Большасць школ не былі забяспечаныя пітной вадой. Цітаны для кіпячонай вады адсутнічалі, а там, дзе яны былі, не мелі накрывак і замкоў, у выніку чаго вада забруджвалася.
Не было буфетных пакояў для раздачы сняданкаў, а таксама спецыяльных людзей для абслугоўвання буфетаў. Сняданкі раздавалі класныя кіраўнікі непасрэдна ў класах. Адсутнічалі рукамыйнікі. Гэта не дазваляла наладзіць санітарны рэжым харчавання.
Унутраныя каналізацыйныя туалеты не працавалі з-за адсутнасці вады і тэхнічнай няспраўнасці.
Усё гэта прывяло да ўздыму колькасці інфекцыйных і прастудных захворванняў вучняў (брушны і сыпны тыфы, шкарлятына, адзёр, коклюш, ангіна і інш.).
У адпаведнасці з пастановай Савета Народных Камісараў БССР ад 28 жніўня 1945 года 23-й школе былі выдзеленыя 2 швейныя машыны.
Намеснік загадчыка ГАРАНА Правільшчыкаў у службовай запісцы адзначае, што ў 1945/1946 навучальным годзе ў горадзе будзе працаваць 24 школы, і што неабходна вызваліць будынак школы №19, таму што вучні гэтай школы ў мінулым навучальным годзе вучыліся ў памяшканні школы №23 – агулам 47 класаў на 30 класных пакояў, у выніку заняткі вяліся ў 4 змены, а гэта недапушчальна.
У 1945 годзе школе №23 па ведамасці Мінгарвыканкама выдалі сшыткі.
На 1 лістапада 1945 года ў школе №23 навучалася 950 вучняў у 22 класах.

У справаздачы ГАРАНА па выніках працы школ горада за 1945/1946 навучальны год у ліку найлепшых дырэктараў названы дырэктар школы № 23 Ляонаў Г.М.

Ляонаў Г.М. (у цэнтры)

Пры гарадскім педагагічным кабінеце былі арганізаваныя секцыі настаўнікаў сярэдніх і старэйшых класаў, кіраўніком секцыі геаграфіі стаў настаўнік 23-й школы Ржэвускі. Лепшымі агітатарамі ў выбарчай кампаніі былі настаўнікі 23-й школы Голуб, Ліўшыц, Матусевіч, Якушава.

23-я школа шэфствавала над шпіталем №432. Школьнікі прапалолі адзін гектар агароду, перабралі дзесяць тон бульбы, рамантавалі і мылі бялізну, прыбіралі палаты, цешылі параненых і хворых байцоў і камандзіраў самадзейнасцю, пісалі для іх пісьмы на радзіму. 
Камсамольскія арганізацыі існавалі ва ўсіх школах горада. Было звыш 1500 членаў ЛКСМБ. Найбольш буйнымі былі арганізацыі школ №2 (318 чалавек), №42 (236 чалавек), №23 (160 чалавек).
З загаду Міністэрства асветы БССР ад 18 чэрвеня 1946 года: “Для здачы экзаменаў і сесіі прыстасаваць пад інтэрнат для студэнтаў Мінскага педагагічнага інстытута школу №23”.
З загаду Міністэрства асветы БССР ад 20 верасня 1946 года: “Перавесці з 2-й жаночай школы рэдакцыю “Настаўніцкай газеты” ў памяшканне 23-й сярэдняй школы. Загадчыку Варашылаўскім РАНА Лібо і дырэктару 23-й сярэдняй школы Ляонаву прадаставіць для размяшчэння рэдакцыі газеты 2 пакоі”.
Ад 16 кастрычніка 1946 года школа №23 стала 23-й рускамоўнай жаночай сярэдняй школай.
На падставе загада №76 ад 13 сакавіка 1947 года Міністэрства асветы БССР у школе №23 у 1947-1948 навучальным годзе ўведзена выкладанне логікі і псіхалогіі.
Загадам па Міністэрстве асветы БССР ад 30 мая 1947 года школа №23 была замацаваная для вучэбных мэтаў за Мінскім педагагічным інстытутам.

Паводле даведкі аб стане народнай адукацыі і рабоце дзіцячых устаноў за 1944-1947 гады па сістэме Гарадскога аддзела народнай адукацыі сярод найлепшых настаўнікаў школ названы настаўнік матэматыкі школы №23 Голуб Маісей Беркавіч (Заслужаны настаўнік БССР, узнагароджаны ордэнам Леніна, значком “Выдатнік народнай асветы”).

Голуб М.Б. (другі справа)

Да пачатку 1946/1947 навучальнага года будынак 23-й школы быў адрамантаваны і 17 верасня вучні былі пераведзены ў яго з памяшкання школы №19. У чэрвені 1947 года ЦК камсамола БССР узнагародзіў Ганаровай граматай адну з найлепшых важатых горада Мінска – старшую піянерскую важатую СШ №23 Марыю Казлову.
Рашэннем ад 11 чэрвеня 1947 года ў сувязі з вострым недахопам настаўнікаў пачатковых класаў (не хапала 121 чалавек) выканкам адкрыў 11-ы педагагічны клас пры школах №9 і №23.
Загадам №269 ад 3 лістапада 1947 года Міністэрства асветы БССР за дасягнутыя поспехі ў вучэбна-выхаваўчай рабоце ўзнагародзіла значком “Выдатнік народнай асветы” настаўніцу школы №23 Іоселеву Цылю Аркадзьеўну.
Указам ад 31 жніўня 1948 года дырэктар Ляонаў Георгій Мікітавіч узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, настаўніца Марголіна Ліна Рыгораўна ўзнагароджана медалём “За працоўную доблесць”.
У 1949/1950 навучальным годзе 23 сярэдняя жаночая школа знаходзілася на вул. Савецкая, 185 (Варашылаўскі раён сталіцы). У школе было 33 класы і 1228 вучняў. Праз год, у 1950/1951 навучальным годзе застаўся 31 клас і 1129 вучняў. Навучанне вялося на беларускай мове. Вывучаліся таксама руская, французская і нямецкая мовы.

За даваенным домам гарсавета (сёння гэта дом 43) бялее чатырохпавярховы будынак школы, а цяперашняга дома 47 яшчэ няма. 1950 год

З 1947 па 1955 год у будынку працавала жаночая беларускамоўная 10-гадовая школа Варашылаўскага раёна горада Мінска. Першы пасляваенны выпуск адбыўся ў 1952 годзе, школу скончылі 15 вучняў :

За добрыя і выдатныя поспехі на працягу года і ў час экзаменаў пры выдатных паводзінах узнагароджаныя сярэбраным медалём з уручэннем атэстатаў асаблівага ўзору вучаніцы Пасынкава Валянціна і Зорына Раіса.

 З 1955 года ў школе пачалі вучыцца юнакі.

 З 1959 года сярэдняя школа №23 (Варашылаўскае РАНА) стала школай з рускай мовай навучання. За школай былі замацаваныя шэфы – завод матэматычных машын імя Арджанікідзе.

 Рашэннем Мінгарвыканкама сярэдняя школа №23 у 1960/1961 навучальным годзе пераведзена на новы вучэбны план з вытворчым навучаннем. Вучні атрымлівалі веды і вытворчую практыку па спецыяльнасцях абмотчыка, слесара, токара-наладчыка на заводзе вылічальных машын.

 З 1990-х гадоў на базе сярэдняй школы №23 былі створаныя класы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. З 1996 года ў школе навучалася і выхоўвалася 62 вучні дзіцячага дома №4.

 Рашэннем Мінгарвыканкама №849 ад 18 чэрвеня 2002 года на базе школы №23 Савецкага раёна горада Мінска адкрыта дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гімназія з беларускай мовай навучання №23 г. Мінска”.

1 верасня 2003 года ў гімназіі №23 пачаў працу музей “Гісторыя працягваецца…” Савецкага раёна г.Мінска. Ідэя яго стварэння належыць экс-кіраўніку адміністрацыі раёна Валерыю Іванавічу Пінчуку і экс-дырэктару Нікіцінай Ніне Іванаўне.
У музеі сабрана каля 1000 экспанатаў, вядзецца вялікая навукова-пошукавая, даследчая, турысцка-краязнаўчая і экскурсійная работа. Музейныя экспанаты выкарыстоўваюцца пры напісанні дакладаў, рэфератаў, конкурсных работ у навучальным і выхаваўчым працэсе. Кожны год музей наведвае каля 2 500 чалавек, а ў юбілейным 2013 годзе (75-годдзе раёна) музей наведала 22 644 экскурсантаў. Экскурсіі праводзяцца і для гасцей з Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Балгарыі, Польшы, Кітаю і іншых краін. Музей “Гісторыя працягваецца…” адыгрывае значную ролю ў грамадска-патрыятычным выхаванні гімназістаў і ў культурным жыцці горада.

Сёння ў гімназіі навучаецца 436 ​​вучняў. Навучальны працэс забяспечваюць 45 педагогаў, сярод якіх настаўнікі вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі, 1 кандыдат навук, 1 выдатнік адукацыі, 1 магістр педагагічных навук.
Наша ўстанова - адзіная ў Рэспубліцы Беларусь дзяржаўная ўстанова адукацыі, якая забяспечвае навучанне кітайскай і англійскай мовам у спалучэнні з выкладаннем прадметаў на беларускай мове.
Высокія паказчыкі навучання навучэнцаў гімназіі № 23 пацвярджаюць эфектыўнасць вучэбна-выхаваўчага працэсу і прафесіяналізму работы педагагічнага калектыву. У гімназіі больш за 84% гімназістаў вучацца на "8-10". Удзел і перамогі ў раённых, гарадскіх алімпіядах, творчых конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях па даследчай дзейнасці таксама кажуць аб высокай якасці адукацыі ў гімназіі. Сённяшнія выпускнікі гімназіі - заўтра паспяховыя прафесіяналы самых розных абласцей - навукі, адукацыі, бізнесу, палітыкі. 
Адна з найважнейшых задач гімназіі - стварэнне такой адукацыйнай прасторы, у якой максімальна рэалізуюцца магчымасці кожнага вучня як залог яго паспяховай сацыялізацыі.
Сёння гімназія - гэта сусвет, дзе свет дарослых, свет кожнага дзіцяці зліваецца ў адзінае цэлае. Высокія духоўныя і маральныя прынцыпы педагогаў, навучэнцаў, бацькоў ствараюць атмасферу дзяцінства, у якой фарміруюцца якасці вучняў, іх культура, матывацыя да адукацыі, разуменне яго каштоўнасці. Гімназія - гэта тое месца, дзе зараджаецца будучыня Беларусі, дабрабыт будучых пакаленняў. 
 

Навiны Мiнiстэрства адукацыi

15.12.2017Команда белорусских школьников успешно выступила на Международной олимпиаде по физике, химии и математике в Баку
fghПадрабязней...
14.12.2017Республиканский круглый стол «Нормативное правовое и методическое обеспечение деятельности педагога-психолога»
fghПадрабязней...
14.12.2017Финальный этап соревнований «300 талантов для королевы» завершился победой команды школьников Гродненской области
dfgПадрабязней...